ДЫНАМІ́ЧНАЯ РАЎНАВА́ГА ў жывой прыродзе,
стан адноснай раўнавагі біясістэм. Накіраваны на падтрыманне іх асноўных характарыстык у пэўных межах, якія забяспечваюць існаванне гэтых сістэм. Уздзеянне знешніх і ўнутраных сіл (у т. л. антрапагеннага паходжання) на біясістэмы розных узроўняў (арганізм, біяцэноз) пры Д.р. не выклікае рэзкіх якасных змен асобных экалаг. сістэм (падсістэм біясферы) і пераходу іх да тэрмадынамічнай раўнавагі, уласцівай сістэмам неарганічнай прыроды. Вывучэнне заканамернасцей, механізмаў і ўмоў падтрымання Д.р. пры пастаянным росце антрапагеннага ўздзеяння на біятычнае і абіятычнае асяроддзе — цэнтр. задача аховы прыроды. На Беларусі вывучаецца ў некат. запаведніках.
Літ.:
Водопьянов П.А. Устойчивость и динамика биосферы. Мн., 1981, Динамическое равновесие человека и природы. Мн., 1977.
т. 6, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)